ЧЭ́ШСКІЯ БРАТЫ́, Багемскія браты, Мараўскія браты,

чэшская рэлігійная секта, якая ўзнікла ў 15 ст. пасля паражэння табарытаў і аформілася ў незалежную ад папскага Рыма царк. арганізацыю. Першыя абшчыны Ч.б. засн. ў 1457 у Кунвальдзе (Чэхія) паслядоўнікамі П.Хельчыцкага. Ч.б. (першапачаткова сяляне і рамеснікі, пазней і заможныя гараджане, рыцары) адмаўлялі дзяржаву, саслоўі, прапаведавалі беднасць, непраціўленне злу, з канца 15 ст. засяродзілі сваю дзейнасць на асвеце: засноўвалі школы, друкарні.

З асяроддзя Ч.б. выйшлі вучоныя Я.А.Каменскі, Ян Благаслаў і інш. Ч.б. праследаваліся ўладамі, асабліва пасля разгрому антыгабсбургскага Чэшскага паўстання 1547. У 1575 Ч.б., лютэране і прадстаўнікі інш. пратэстанцкіх вераванняў у Чэхіі выпрацавалі адзіную «Чэшскую канфесію», якую ў 1609 прызнаў кароль Рудольф II. Пасля паражэння Чэшскага паўстання 1618—20 былі разгромлены, выгнаны з Чэхіі і Маравіі. Іх паслядоўнікі ў 18 ст. стварылі гернгутэрскія абшчыны (у Германіі, Прыбалтыцы, Паўн. Амерыцы).

т. 17, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)